Гісторыя
Населеныя славянамі, крывічамі-полаўцамі – нашымі далёкімі продкамі ў глыбокай старажытнасці, землі сучаснага Чашніцкага раёна ўваходзілі ў склад Полацкай зямлі. На тэрыторыі раёна існавалі два княствы – Лукомскае і Чарэйскае.
Чашніцкі раён займаў цэнтральнае месца ў Полацкім княстве і знаходзіўся паміж такімі гістарычнымі цэнтрамі як Полацк, Віцебск, Орша, Мінск. Землі раёна служылі арэнай ваенных сутычак і шмат разоў знішчаліся. Татарскае войска не кранула Чашніцкі раён, але ў канцы XII ст. пачаліся сутычкі полацкіх князёў з літоўцамі. У 1386 годзе, калі раздробленая на ўдзельныя княствы і паслабленая міжусобнымі сутычкамі Полацкая зямля была пад літоўцамі, тэрыторыя раёна зноў падверглася вогненнаму знішчэнню. 1432–1435 гг. азнаменаваліся новымі разбурэннямі. Свідрыгайла захапіў Лукомль і разграбіў Чарэйскае княства.
Першае ўпамінанне пра Чашнікі адносіцца да 1504 г. у пераліку буйнейшых пасяленняў Полацкага ваяводства.
Існуе некалькі тлумачэнняў паходжання назвы горада: горад стаіць у нізкім месцы, у Чашніцкай нізіне, нібы ў чашы (адносна люстэрка Лукомскага возера ляжыць на 35 метраў ніжэй); ганчары выраблялі збаны, гарлачы, міскі, чашкі; ад слова «чашнік» – прадстаўнік княжацкай адміністрацыі, які наглядаў за пчалярствам і мёдаварэннем для патрэб княжацкага палаца.
Чашнікі з даўніх часоў адносіліся да спецыфічных тыпаў пасяленняў – мястэчак. Мястэчкі ўзнікалі каля торных дарог, манастыроў, маёнткаў феадалаў, дзе існавалі бойкія кірмашы, вёўся разнастайны гандаль. Адносіліся Чашнікі да групы мястэчак прыватна-ўласніцкіх, свецкіх. У XVI ст. яны ўваходзілі ў Полацкае ваяводства ВКЛ, належалі князям Лукомскім, Радзівілам (разам з воласцю), з канца XVI ст. – Кішкам, у пачатку XVII ст. – Друцкім-Сакалінскім, потым –Сапегам, з 1633 г. – Казаноўскім, з 1649 г. і 1670 г. – Слушкам (Служкам), пасля 1722 г. – С. Быкоўскаму-Лапоце, з 1785 г. – Валадковічам.
Сур'ёзныя баявыя дзеянні праходзілі на чашніцкай зямлі ў ходзе Лівонскай вайны 1558–1558 гг. Падчас бітвы пры Уле 26 студзеня 1564 года войска на чале з вялікім гетманам ВКЛ Мікалаем Радзівілам Рудым нечаканым ударам разграміла 25-тысячную армію князя П. Шуйскага. Чашнікамі ў той час валодала ўдава віцебскага ваяводы Станіслава Кішкі Ганна Радзівілаўна. Чашнікі разам з Улай, якая ляжала ў 7 вярстах ад Чашнікаў, недалёка ад вёскі Іванск, уяўлялі значны маёнткавы абшар, да якога адносіліся вёскі Павулле, Жэрына, а таксама Іванск, Дзямідавічы, Копцевічы і іншыя. Гэта пацвярджаецца перапісам войска ў 1568 г., дзе маёнткі Чашнікі і Ула згадваліся як валоданні Ганны Радзівілаўны, межавалі з валоданнямі маёнтка ў в. Баліна і Лукомскай воласцю.
У 1568 г. пад Чашнікамі пацярпелі паражэнне атрад татараў пад камандаваннем Амурата і рускае войска на чале з князем Палецкім, разбітыя гетманам Раманам Сангушкам. У 1580 г. кароль Стэфан Баторый у Чашніках прымаў Ф. Шышмарова, пасла Івана IV Жахлівага. У 1633 г. і пазней да Чашніцкага маёнтка належалі Латыгалічы. Акрамя гэтага, Чашнікам належалі мястэчка і слабада з аднолькавай назвай Валосавічы (цяпер у Лепельскім раёне), засценак у Краснай Луцэ і слабада Забаенне (сучасныя вёскі Красналукі і Забаенне). Інвентары Чашнікаў 1629 і 1633 гг. паказваюць пачатковы этап развіцця паселішча, якое складалася ў той час з асноўнай часткі і слабод. Цэнтрам мястэчка служыла гандлёвая плошча, дзе знаходзіліся царква са званіцай (з 3 званамі розных памераў), 16 крам і 4 мяшчанскія двары. Ад плошчы ў радыяльных напрамках разыходзіліся 3 вуліцы – дарогі: Іванская (ішла да панскай сядзібы), Лукомская (да Лукомля), Цяпінская (да мястэчка Цяпіна).
Не абмінула бокам Чашніччыну і Паўночная вайна 1700–1721 гг. Па землях прайшлі рускія, польскія і шведскія войскі. Штаб-кватэра князя Меньшыкава часова размяшчалася ў в. Чарэя, а генерала Рэпніна – у в. Лукомль. 19 кастрычніка і 2 лістапада 1708 года пад Чашнікамі адбыліся две бітвы паміж рускімі войскамі пад кіраўніцтвам Б. П. Шарамецьева і шведамі. Мястэчка і замак былі спалены.
У першай палове XVII ст. адбыўся новы этап развіцця мястэчка – у выніку асваення зарэчных тэрыторый утварыліся 3 слабады. Зрабілі і ўпарадкаванне зямель. Кожная гаспадарка мела ў сярэднім каля 1,5 га зямлі, якая падзялялася на дваровую, агародную, сенажатную і ворную. У сярэдзіне XIX ст. тут налічвалася каля 2,5 тысяч жыхароў, сярод якіх нямала было лоцманаў, што наймаліся вясной на баркі, праводзячы іх па Дзвіне да Рыгі. У пачатку XX ст. колькасць жыхароў вырасла амаль да 5 тысяч: існавала 703 драўляных і 48 мураваных дамоў. Многа нашых продкаў загінула ад эпідэміі, пра што сведчыць пісьмо літоўскага гетмана Рыгора Хадкевіча кіеўскаму кашталяну Паўлу Сапегу.
У 80-я – 90-я гг. XVIII ст. мястэчка Чашнікі атрымала розныя гандлёвыя прывілеі. У 1772 г. пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай цэнтрам Полацкага ваяводства сталі Чашнікі, праіснавалі ў гэтай іпастасі да 1793 г. З 1793 г. мястэчка ўвайшло ў склад Расійскай імперыі і адносілася да Лепельскага павета Віцебскай губерні.
У канцы XVIII ст. адбылася значная падзея ў жыцці Чашнікаў, якая вызначыла лёс і род заняткаў многіх яго жыхароў. У 1797 годзе пад надзорам генерала Вітэ пачалося будаўніцтва Бярэзінскай воднай сістэмы (звязвала басейны Дняпра і Заходняй Дзвіны). Быў пабудаваны Чашніцкі канал (1214 м) з двума шлюзамі на ім; уздоўж канала былі пасаджаны бярозы, што вельмі ўпрыгожвала мястэчка. Пабудавалі прыстань, майстэрні па вырабе гандлёвых суднаў, больш за 40 складоў. Местачкоўцы, працуючы на будаўніцтве шлюзаў, добра авалодалі цяслярнай справай. Жыхары Чашнікаў і навакольных вёсак сталі спасцігаць нялёгкую справу плытагонаў.
Мірныя справы местачкоўцаў былі прыпынены ваеннымі падзеямі 1812 г. Чашніцкія баі адбыліся 31 кастрычніка і 14 лістапада паміж расійскім корпусам генерала П. Х. Вітгенштэйна (30 тыс. чалавек), які рухаўся з Курляндскай губерні, і французскімі карпусамі маршалаў К. Віктора і Н. Ш. Удзіно. Мэта расійскіх войск – не дапусціць адступлення арміі Напалеона I цераз Полацк і Лепель. Французскі корпус Л. Сен-Сіра (Удзіно) пасля бою пад Полацкам адступаў ад горада, потым каля Чашнікаў аб'яднаўся з корпусам Віктора, які рухаўся са Смаленска. Гэтыя карпусы (46 тыс. чалавек) атрымалі загад вярнуць занятыя расійскімі войскамі Полацк і Лепель і адкінуць Вітгенштэйна за Заходнюю Дзвіну. У баі 31 кастрычніка расійскія войскі адцяснілі французскі авангард за ракой Лукомка, але, не маючы сувязі з М. І. Кутузавым, прыпынілі наступленне. У баі 14 лістапада расійскі корпус паспяхова адбіў усе атакі французскіх войскаў і ўтрымаў занятыя пазіцыі. На наступны дзень французскія карпусы пачалі адступленне па дарозе на Бешанковічы. План Напалеона быў сарваны.
Звязаны Чашнікі і з падзеямі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863–1864 гг. Тады ў касцёле размяшчаўся апорны пункт супраціўлення карным войскам, накіраваным на падаўленне паўстання. Пасля гэтай падзеі каталіцкі касцёл ператварылі ў праваслаўную царкву – Мікалаеўскую.
У другой палове XIX ст. у Чашніках пачалося будаўніцтва невялікіх прадпрыемстваў, у канцы XIX ст. пан Валадковіч разгарнуў будоўлю вялікай па тым часе папяровай фабрыкі. У той перыяд пашырылася тэрыторыя горада, забудоўваліся паўднёвая і ўсходняя яго часткі.
Будаўніцтва папяровай фабрыкі «Скіна» спрыяла ўзнікненню ў Чашніках асноўнага касцяка пралетарыяту, які быў сур'ёзнай рэвалюцыйнай сілай. Вялікае значэнне ў развіцці рэвалюцыйнага руху ў Чашніках і навакольных вёсках мела тое, што значная колькасць насельніцтва займалася лесасплавам. Разам са сплаўшчыкамі – плытагонамі ў гарады ішлі на заробкі многія жыхары раёна. Рэвалюцыянізацыі сялянства садзейнічала ў першую чаргу цяжкае эканамічнае становішча.
Росту самасвядомасці садзейнічала агітацыйная дзейнасць Віцебскай групы РСДРП. Яны выдзялялі са сваіх радоў агітатараў, якія вялі работу сярод насельніцтва. Ужо ў 1905 г. пад уплывам рабочых папяровай фабрыкі «Скіна» адбыліся сялянскія хваляванні. 28 чэрвеня 1905 года рабочыя правялі мітынг супраць Булыгінскай Думы. У канспіратыўных мэтах мітынг адбыўся на яўрэйскіх могілках. 23(5) жніўня 1905 года ў Чашніках правялі аднадзённую забастоўку пратэсту супраць Дзяржаўнай думы. Пасля паражэння снежаньскага ўзброенага паўстання 1905 г. назіраецца спад стачачнай барацьбы. Але ўжо ў 1906 г. рабочыя папяровай фабрыкі «Скіна» зноў пачалі збірацца на сходы. Часцей за ўсё яны праходзілі ў лесе. Абмяркоўвалі пытанні павышэння заработнай платы, скарачэння працоўнага дня, паляпшэння ўмоў працы.
Барацьба рабочага класа станавілася ўсё больш арганізаванай і наступальнай. У краіне складвалася рэвалюцыйная сітуацыя.
Ужо праз два тыдні пасля пачатку вайны 5 ліпеня 1941 года ўвесь Чашніцкі раён быў акупіраваны немцамі. Большую частку тэрыторыі раёна немцы занялі без баёў. Толькі каля вёсак Тоўпіна, Вялікія і Малыя Ліпавічы, Цотава, Горы праходзілі цяжкія баі часцей 17-й дывізіі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Ва ўсіх буйных населеных пунктах былі створаны нямецкія альбо паліцэйскія гарнізоны.
Паводле справаздачы пра баявыя дзеянні часцей 17-й дывізіі, 7 ліпеня 1941 года арганізаваны перадавы атрад пад камандаваннем маёра Міхайлоўскага. Перад атрадам была пастаўлена задача: рухацца па маршруце Сясна – саўгас «Беліца» – Вялікія Ліпавічы – Лепель, вечарам 7 ліпеня заняць Лепель і ўтрымаць яго да падыходу часцей дывізіі. Але атрад нечакана сустрэўся з праціўнікам у раёне вёсак Церабені, Горкі, Вялікія і Малыя Ліпавічы. Завязаўся бой. Раніцай 8 ліпеня атрад пад камандаваннем Міхайлоўскага, адкінуўшы праціўніка, заняў вёскі Церабені і Горкі. Але яго далейшы рух спыніў моцны кулямётна-артылерыйскі агонь немцаў, якія заселі ў вёсках Вялікія і Малыя Ліпавічы.
У напрамку Мялешкавічы – Васільеўскае да немцаў падыходзілі новыя батарэі дальнябойнай артылерыі і мотапяхоты. За 3 гадзіны прыбыло да 120 машын. Камандзір дывізіі вырашыў падмацаваць перадавы атрад. З гэтай мэтай у дапамогу ён выслаў 2-і батальён механізаванага стралковага палка, 1-ы і 3-і батальёны 33-га танкавага палка, 2-і дывізіён гаўбічна-артылерыйскага палка. Перад умацаваным перадавым атрадам камандаванне паставіла задачу: акружыць і знішчыць праціўніка. Пачатак атакі быў прызначаны на 9 гадзін раніцай 8 ліпеня 1941 года. Атака перадавога атрада была паспяховай. Немцы пачалі адступаць. Было захоплена ў праціўніка: 24 гарматы розных калібраў, 3 танкі, 4 трактары, 3 аўтамашыны і інш.
Але вечарам у 18 гадзін немцы пайшлі ў контратаку. Сілы праціўніка былі значнымі – да 60 танкаў і 600 матацыклістаў. Камандны пункт штаба дывізіі 1-га і 2-га батальёна 33-га танкавага палка былі акружаны. Адначасова з 18 да 21 гадзіны нямецкая авіяцыя бесперапынна бамбіла часці дывізіі ў раёне вёсак Церабені, Малыя і Вялікія Ліпавічы. У выніку гэтага вечарам 8 ліпеня танкавы полк быў адрэзаны ад часцей дывізіі і акружаны. У раёне вёскі Цотава танкавы полк перайшоў да кругавой абароны. Але з-за адсутнасці гаручага большасць машын не магла рухацца. З данясення камандавання дывізіі і ўспамінаў сведкаў танкавага бою бачны трагічны лёс 33-га танкавага палка. Толькі рэшткі палка на працягу 9–12 ліпеня 1941 года выходзілі з акружэння.
Адначасова цяжкія баі вёў 17-ы мотастралковы полк. Раніцай 9 ліпеня 1941 года полк у складзе 1-га і 2-га стралковых батальёнаў, дывізіёна 17-га гаўбічна-артылерыйскага палка, 2 гармат супрацьтанкавай артылерыі, 6 танкаў «ТБ-7» зрабілі налёт на нямецкія мотамехчасткі ля в. Тоўпіна. У выніку бою знішчана да 50 аўтамашын праціўніка. Мотастралковы полк страціў 5 танкаў. Але вечарам гэтага ж дня полк быў абстраляны моцным артылерыйскім агнём з вёсак Тоўпіна, Баяры, Бельнякі. У 22 гадзіны полк адышоў у паўночна-заходнім напрамку ад вёскі Вяцера ў лес.
10 ліпеня з 6 гадзін раніцы немцы ў складзе пяхоты, танкаў і артылерыі зноў павялі наступленне на вёскі Вяцера, Цотава з мэтай знішчэння мотастралковага палка. 1-ы стралковы батальён пры падтрымцы батарэі 17-га гаўбічна-артылерыйскага палка ўступіў у бой з праціўнікам. Адначасова 2-і стралковы батальён у складзе 4-й і 6-й рот таксама ўступілі ў бой ля в. Хотліна. У выніку бою знішчана да 40 аўтамашын, 200 немцаў, у іх ліку шмат афіцэраў.
У 13 гадзін немцы пачалі моцны артылерыйскі агонь па мотастралковым палку пры падтрымцы авіяцыі. Адначасова з раёна Вяцера – Аўсянікі яны пачалі абходзіць правы і левы флангі мотастралковага палка. З 10 па 20 ліпеня полк выходзіў з акружэння.
Акупацыйны рэжым уяўляў сабой сістэму палітычных, эканамічных і ваенных мер, накіраваных на ліквідацыю сацыялістычнага грамадскага і дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, зняволенне і знішчэнне беларускага народа. Былі ліквідаваны савецкія органы ўлады, насельніцтва пазбаўлена элементарных грамадзянскіх правоў і чалавечых свабод.
У Чашніках і буйных населеных пунктах існавала нямецкая камендатура. Былі прызначаны бургамістры, створаны паліцэйскія атрады. Грамадзянскую ўладу ў Чашніках напачатку ўзначальваў бургамістр Сарока, а пасля яго гібелі ў маі 1942 г. на гэтую пасаду прызначылі Гутнікава. Бургамістру была падначалена і зямельная ўправа. Галоўнай функцыяй грамадзянскай улады было ўсталяванне нямецкага парадку на падначаленай тэрыторыі. У гэтых мэтах вуліцы Чашнікаў былі падзелены на дзесяцідворкі, за якія адказвалі прызначаныя старасты. Праз іх перадаваліся патрабаванні бургамістра і нямецкай камендатуры, загады па выхадзе на работу, праводзіўся збор падаткаў. Земуправа зрабіла абмер зямлі, што прылягала да Чашнікаў, і падзяліла яе паміж жыхарамі. Кожны гаспадар павінен быў плаціць нямецкай уладзе падаткі натуральнымі прадуктамі – салам, мясам, яйкамі, зернем і інш.
Быў арганізаваны паліцэйскі атрад, у склад якога ўваходзілі каля 30 чалавек. Узначаліў яго С. Цяслёнак. Пад наглядам паліцэйскіх людзі выконвалі розную работу: капалі канавы, спілоўвалі дрэвы, расчышчалі дарогі ад снегу, узводзілі абарончыя збудаванні.
Асабліва жудаснымі былі падзеі канца 1941 – пачатку 1942 гг. За гэты перыяд было знішчана звыш 3 тысяч жыхароў раёна. 12 лютага 1942 года карнікі знішчылі каля 1800 яўрэяў у Чашніках.
Страх панаваў усюды. І вось на 1 мая 1942 года адбылося здарэнне, якое ўзрушыла ўсіх. Раніцай у цэнтры Чашнікаў людзі ўбачылі, што на слупе лунае чырвоны сцяг. Бургамістр Сарока, які стаў зрываць сцяг, загінуў ад выбуху міны, прымацаванай да сцяга.
Падпольныя групы ў раёне пачалі арганізоўвацца летам 1941 г. з чырвонаармейцаў, якія апынуліся ў акружэнні, кіраўнікоў раёна, камуністаў і камсамольцаў. Падпольныя групы вялі арганізацыйную і палітыка-выхаваўчую работу сярод насельніцтва, умацоўвалі веру людзей у перамогу над ворагам, узнімалі іх на падпольную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стваралі партызанскія фарміраванні, распаўсюджвалі праўдзівую інфармацыю.
Дакументы Чашніцкага падпольнага райкама партыі і камсамола даюць падставу зрабіць вывад пра тое, што ў раёне існавала не адна падпольная арганізацыя. Часта падпольныя групы дзейнічалі самастойна.
У ліпені 1941 г. у раёне была створана падпольная група Сяргея Емяльянавіча Папкова. На службу акупацыйным уладам перайшоў В. Я. Вашчанка – пачаў працаваць бургамістрам Дварэцкай воласці. Арганізацыйна падпольная група аформлена 17 жніўня 1941 года. У яе склад увайшло 12 чалавек. Былі акрэслены асноўныя задачы групы: дыверсійная работа на чыгунцы, шашэйных дарогах, знішчэнне тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, баз з боепрыпасамі, гаручым і харчовымі прадуктамі, арганізацыя партызанскага руху ў раёне.
На першым пасяджэнні групы «Цэнтр» зацвердзілі сетку канспіратыўных кватэр, сувязных, явачныя месцы, паролі і інш. Група ўстанавіла сувязь з камуністамі папяровай фабрыкі «Чырвоная зорка». Была арганізавана падпольная група. Падпольшчыкі фабрыкі дэманціравалі папераробчыя машыны.
У пачатку 1942 г. немцы амаль цалкам знішчылі кіруючае ядро групы «Цэнтр». Дзейнасць падпольнай групы спынілася. Члены групы, якія не трапілі ў рукі немцаў, уліліся ў партызанскія атрады. У раёне торфапрадпрыемства «1 Мая» дзейнічала падпольная група Д. Ц. Міцькаўца, якая была звязана з партызанскай брыгадай імя К. С. Заслонава.
Вядома таксама аб дзейнасці падпольнай групы пад кіраўніцтвам М. Р. Грышынай. У канцы 1943 г. пачаўся разгром Чашніцкага падполля.
Першыя партызанскія атрады на тэрыторыі Чашніцкага раёна ўзніклі ў канцы 1941 – пачатку 1942 гг. непадалёку ад вёскі Васькаўшчына. Узначальваў атрад У. Е. Лабанок. У жніўні 1942 г. была арганізавана партызанская брыгада «Дубава», у якую ўжо ўваходзілі некалькі атрадаў. Камандзірам брыгады стаў Ф. Ф. Дуброўскі, камісарам – У. Е. Лабанок. У жніўні 1941 г. у раёне пачаў дзейнічаць партызанскі атрад на чале з Ц. Я. Ермаковічам.
У верасні 1941 г. у лясах ля Чарэі арганізаваны партызанскі атрад з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне. Камандзірам атрада стаў лейтэнант Чырвонай Арміі Васіль Шчукін.
Восенню 1941 г. пры садзейнічанні падпольнай групы «Цэнтр» арганізоўваюцца невялікія партызанскія атрады, якія пазней уліліся ў Чашніцкую партызанскую брыгаду «Дубава», Сенненскую партызанскую брыгаду і інш. Так, пры дапамозе члена групы «Цэнтр» М. С. Марціновіча арганізаваны партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Сухушына, які пазней увайшоў у склад Сенненскай партызанскай брыгады.
У верасні 1941 г. у Кашчынскія лясы з «Вялікай зямлі» прыбыў атрад пад камандаваннем Г. М. Лінькова. Ён дзейнічаў у Кашчынскіх і Красналуцкіх лясах. Дапамогу яму аказвалі жыхары вёсак Забор'е, Пасынкі, Гілі, Сарочына, Маскоўская Гара, Сіманавічы, Гурэц і інш. Вясной 1942 г. у атрад улілося шмат новых байцоў. У маі 1942 г. атрад перамясціўся на тэрыторыю Заходняй Беларусі.
У гады вайны на тэрыторыі раёна дыслацыраваліся Чашніцкая брыгада «Дубава», 1-я Смаленская, 1-я Беларуская і 2-я Беларуская імя П. К. Панамарэнкі, 1-я і 2-я імя К. С. Заслонава, Багушэўская, «Граза» М. П. Гудкова, імя А. Ф. Данукалава, Лёзненская, Сенненская партызанскія брыгады, партызанскі полк Смаленскі і асобны партызанскі атрад Ц. Я. Ермаковіча. Брыгада «Дубава» вяла актыўныя баявыя дзеянні, неаднаразова праводзіліся дыверсіі на шашы Чашнікі – Бачэйкава і чыгунцы Орша – Лепель. Восенню 1942 г. у брыгадзе налічвалася ўжо 1700 чалавек, у ёй былі створаны артдывізіён і кавалерыйскі эскадрон. «Дубаўцы» пачалі выводзіць са строю чыгуначныя эшалоны з супрацьтанкавай гарматы. У студзені 1943 г. брыгада «Дубава» і іншыя партызанскія брыгады разграмілі нямецкі гарнізон у Чашніках. Вясной 1944 г. брыгада «Дубава» ўяўляла сабой буйное партызанскае злучэнне. У яе радах налічвалася звыш 2100 чалавек. Брыгада была добра ўзброена, мела дзве гарматы, 8 мінамётаў, 6 супрацьтанкавых ружжаў.
Фашысты арганізоўвалі супраць партызан шырокамаштабныя карныя аперацыі з выкарыстаннем тэхнікі і авіяцыі. Асабліва цяжка прыйшлося партызанам брыгады «Дубава» ў сакавіку 1944 г., калі фашысты прадпрынялі масіраванае наступленне. У жорсткіх баях брыгада «Дубава» згубіла трэць свайго саставу, але фашыстам не ўдалося яе разграміць, болей таго, «дубаўцы» самі пераходзілі ад абароны да наступлення і ў канцы сакавіка брыгада, прарваўшы акружэнне, з баямі выйшла ў больш бяспечнае месца. За ўмелае кіраванне і вялікі асабісты ўклад у арганізацыю і разгортванне масавага партызанскага руху камандзіру брыгады Фёдару Фамічу Дуброўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Чашніцкі раён вызвалялі войскі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 23–28 чэрвеня 1944 года пры ўзаемадзеянні з партызанамі Чашніцкай брыгады «Дубава». Баявыя дзеянні вялі войскі 43-й арміі генерала Белабародава, злучэнні 65-га і 72-га стралковых карпусоў 5-й арміі і 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса 2-га Беларускага фронту.
Чашнікі вызвалены 27 чэрвеня 1944 года часцямі 204-й і 357-й стралковых дывізій 43-й арміі пры ўзаемадзеянні з 9-й гвардзейскай механізаванай брыгадай 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса, Чашніцкай партызанскай брыгадай «Дубава» і 2-й партызанскай брыгадай імя К. С. Заслонава. 4 ліпеня Чашніцкі раён быў поўнасцю вызвалены ад фашыстаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Ад часоў першабытных – 1917 // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 31–140.
2. Бекцінееў, Ш. Чашніцкі бой 1812 / Ш. Бекцінееў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. // рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2003. – Т. 6. Кн. ІI : Дадатак : Усвея–Яшын. – С. 166.
3. Грыбко, В. В. Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – 228 с.
4. Лукомское княжество // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 4 : Картография–Миноговые. – С. 561.
5. Чашнікі // Нашы гарады / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. – Мінск : Народная асвета, 1991. – С. 178–179.
6. Чашнікі // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 93–94.
7. Чашники // Города Беларуси. Витебщина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. Татаринов. – Минск : Энциклопедикс, 2006. – С. 105–112. – (Беларусь историческая).
8. Чашніцкія баі 1812 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2003. – Т. 17 : Хвінявічы–Шчытні. – С. 269.
9. Чашниччина : путеводитель / отв. за вып. С. М. Лебедев. – Витебск : Витебская областная типография, 2013. – [35] с.