Раён
Першая згадка пра Чашнікаў адносіцца да 1504 года, як пра адно з буйных паселішчаў. Аднак навукоўцы лічаць, што Чашнікі існавалі нашмат раней. У кнізе запісаў публічных справаў 1563-1569 гг. Чашнікі згадваюцца як памежнае селішча Віцебскага ваяводства.
Існуе некалькі версій паходжання назвы Чашнікі:
- Чашнікі размешчаны ў нізкім месцы, у Чашніцкай нізіне. Адносна ўзроўню Лукомскага возера горад знаходзіцца на 39 м ніжэй - быццам у чары.
- Назву горада звязваюць і з развіццём у ім ганчарнай справы. Ганчары выраблялі керамічныя вырабы - чары, што, па другой версіі, і дало назву селішча.
- Яшчэ адно тлумачэнне паходжання назвы «Чашнікі» - ад слова "чашнік" - прадстаўнік княжацкай адміністрацыі, які кіраваў пчалярствам і мядаварэнням для патрэб княжацкага палаца. Ад месца жыхарства гэтага чашніка і з'явілася назва горада.Чашніцкі раён размешчаны на поўдні Віцебскай вобласці, плошча 1, 5 тыс. кв. км. Утвораны 17 ліпеня 1924 года.
У гады Вялікай Айчыннай вайны на Чашніцкай зямлі мужна грамілі ворага партызаны брыгады "Дубава", "Лявонава", 1-ая Заслонаўская, 116-ая Смаленская, Багушэўская, 1-ая Беларуская, полк Садчыкава. Колькасць землякоў-абаронцаў Айчыны, якія загінулі або прапалі без вестак каля 7 тыс. чалавек.
Колькасць мірных жыхароў - ахвяр фашысцкага тэрору - 3507 чалавек, 1640 чалавек сагнана ў рабства.
Поўнасцю знішчана за гады вайны 187 населеных пунктаў, спалена 2440 двароў. Шэсць тысяч ураджэнцаў раёна змагаліся ў дзейным войску. Каля тысячы салдат, афіцэраў і падпольшчыкаў аддалі сваё жыццё ў баях за вызваленне Чашніцкай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Вызвалены раён воінамі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 23-28 чэрвеня 1944 года пры ўзаемадзеянні з партызанамі Чашніцкай брыгады "Дубава". Баявыя дзеянні вялі войскі 43-й арміі, злучэнне 65-га і 72-га корпуса 3-га Беларускага фронту.