Адрас: 211149, горад Чашнікі, вул. Савецкая, 44
Е-mail: chashrik@vitobl.by
Факс: 8 (02133) 3-51-75Тэлефон: 8 (02133) 3-51-82
Сярод тых, хто 22 снежня адзначыць сваё прафесійнае свята, — калектыў Чашніцкага РЭС філіяла "Полацкія электрычныя сеткі" рэспубліканскага
унітарнага прадпрыемства "Віцебскэнерга".
Ад работнікаў энергетычнай галіны напрамую залежыць бесперабойная работа прадпрыемстваў, заводаў, устаноў, школ, бальніц, а таксама цяпло і ўтульнасць любога дома і ў канчатковым выніку якасць жыцця кожнага з нас. Таму працу адмыслоўцаў, якія забяспечваюць нам звыклы камфорт, нельга недаацэньваць.
Начальнікам Чашніцкага РЭС з'яўляецца пісьменны, дасведчаны кіраванец - Аляксандр Васільевіч Казлоў. Калектыў сёння налічвае 78 чалавек, з іх кіраўнікоў і спецыялістаў - 19. Абслугоўванне паветраных сетак 0,4-10 кВ ажыццяўляецца васьмю брыгадамі, у тым ліку двума аператыўна-выязнымі і адной брыгадай "Адно акно". У мэтах аператыўнага ўхілення пашкоджанняў у электрычных сетках кругласутачна працуе дыспетчарская служба. На пачатак 2021 года на абслугоўванні Чашніцкага РЭС знаходзіцца 6 падстанцый рознай магутнасці.
Гаспадарка ў раёне электрасетак немаленькая. На эксплуатацыйным абслугоўванні прадпрыемства сёння больш за 798 км паветраных ліній (ВЛ) напругай 0,4 кВ, звыш 958 км ВЛ 10 кВ, больш за 52 км кабельных ліній (КЛ) 0,4 кВ, звыш 32 км КЛ 10 кВ, 114 трансфарматарных падстанцый 292 камплектныя трансфарматарныя падстанцыі (КТП), 37 шчоглавых трансфарматарных падстанцый (МТП), 6 размеркавальных пунктаў (РП).
Аляксандр Васільевіч расказаў, што ўсе даведзеныя паказчыкі ўжо выкананы на 100 працэнтаў. Галоўным чынам гэта рамонт і тэхнічнае абслугоўванне электрасетак, ад чаго залежыць надзейнае і якаснае забеспячэнне спажыўцоў электраэнергіяй, а таксама іншыя выгляды прац. У бягучым годзе Чашніцкі РЭС замяніў правады на ізаляваныя праз рэкі і вадаёмы, лясныя масівы. Усяго амаль 6 км. Бо гэта не толькі бесперабойная праца, але і бяспека грамадзян.
Правялі рэканструкцыю паветраных ліній (ВЛ) 0,4 кВ у населеным пункце Варкі. Гэта дазволіць мясцовым жыхарам прыватнага сектара выкарыстоўваць электраэнергію для электраацяплення і нагрэву вады. У бліжэйшы час пачнецца рэканструкцыя паветраных ліній працягласцю 4,6 км у райцэнтры па вул. Гагарына. Супрацоўнікі РЭС толькі за гэты год выканалі капітальны рамонт паветраных ліній 10 кВ - амаль 72 км і 0,4 кВ - больш за 43 км, 15 трансфарматарных падстанцый і 52 камплектных трансфарматарных падстанцый. У наступным годзе таксама будзе прадоўжана работа па зніжэнню страт электраэнергіі, па рэканструкцыі электрасетак, бо важна не адставаць ад часу, выкарыстоўваць у рабоце сучасныя тэхналогіі. Супрацоўнікі РЭС займаюцца эксплуатацыйнымі працамі, ухіляюць розныя аварыі, расчышчаюць прасекі пад лініямі электраперадачы, вядуць высечку небяспечных дрэў.
Колькасць аварыйных адключэнняў на лініях - важны крытэр ацэнкі працы РЭС. Чым іх менш, тым лепей спрацавалі энергетыкі. У супрацоўнікаў няма магчымасці расслабляцца нават у святочныя дні, не гаворачы аб экстраных сітуацыях, якія, на жаль, здараюцца.
Ледзяны дождж, ураганныя вятры, снегапады пакідаюць пасля сябе абарваныя лініі электраперадачы, паваленыя апоры. Ухіляюць аварыйныя адключэнні электрычнасці, як правіла, супрацоўнікі РЭС аператыўна, нягледзячы на межы раёнаў. Узаемавыручка ў энергетыкаў вельмі важная, яно і зразумела. На ўхіленне аварыі адводзіцца вызначаны час, а значыць, патрэбна добрая прафесійная падрыхтоўка, строгае выкананне мер бяспекі.
Аляксандр Васільевіч, начальнік Чашніцкага РЭС, кажучы аб прафесіяналізме сваіх падначаленых, гатовы пахваліць ці ледзь не кожнага з калектыва. Мусіць, заслугі гэтыя невыпадковыя, бо штодзённая праца любой брыгады складаная, напоўненая рызыкамі, патрабуе ад супрацоўнікаў высокага прафесіяналізму, сталага падвышэння ўзроўня кваліфікацыі, адказнасці ў выкананні прац у электрасетках. Гэта абавязвае энергетыкаў выконваць працу якасна і аператыўна.
Усё ж з нагоды прафесійнага свята асаблівая ўвага - брыгадзе па рамонце і эксплуатацыі размеркавальных сетак 10/0,4 кВ пад кіраўніцтвам вопытнага майстра, прафесіянала Аляксандра Аляксандравіча Пільчука. Для гэтай каманды не існуе непраходных дарог: яны дабіраюцца да самых цяжкадаступных месцаў і якасна выконваюць сваю працу. Аляксандр Пільчук з'яднаў калектыў аднадумцаў, якія ведаюць сваю справу, умеюць аператыўна вырашаць пастаўленыя задачы ва ўстаноўлены тэрмін, якія віртуозна валодаюць рабочым інструментам. Сярод іх брыгадзір Андрэй Уладзіміравіч Казлоў, электраманцёры Сяргей Уладзіміравіч Міцькавец, Павел Уладзіміравіч Султан, Мікалай Пятровіч Нарушэвіч, вопытны вадзіцель-электраманцёр Уладзімір Фёдаравіч Касцянка. Гэтыя хлопцы ведаюць, што такое ўзаемадапамога, прафесіяналізм. Як правіла, займаюцца гэтыя спецыялісты капітальным рамонтам, тэхнічным абслугоўваннем электрычных сетак. Толькі сёлета нашы энергетыкі выязджалі на дапамогу ў Верхнядзвінскі, Полацкі, Расонскі раёны, каб усім разам выключыць працяглыя перабоі з падачай электраэнергіі.
Вынікова працаваць энергетыкі ўмеюць, што шматкроць дэманстравалі і на конкурсах прафмайстэрства, удзельнікам якіх не аднойчы з'яўлялася брыгада па рамонце і абслугоўванню размеркавальных электрычных сетак 0,4/10 кВ. Чашніцкія спецыялісты ўмела дэманструюць перадавыя метады і прыёмы працы, праходзячы ўсе этапы аператыўна, бяспечна і якасна.
У гэтым годзе брыгада А. Пільчука стала пераможцам конкурсу прафмайстэрства філіяла «Полацкія электрычныя сеткі» «Лепшы па прафесіі». На працягу некалькіх дзён за званне найлепшых з найлепшых змагалася восем каманд раёнаў электрасетак. Свае прафесійныя навыкі, узровень тэарэтычных ведаў, майстэрства і досвед працы прадэманстравалі нашы землякі і сталі пераможцамі. У 2020 годзе гэтая ж каманда на абласным конкурсе прафмайстэрства заняла трэцяе месца. Такія спаборніцтвы садзейнічаюць удасканаленню ўзроўню падрыхтоўкі, развіццю прафесійных уменняў і навыкаў. Дарэчы, у скарбонцы ўзнагарод Чашніцкага РЭС ёсць і іншыя ўзнагароды, у тым ліку і абласнога ўзроўню.
Нам жа застаецца пажадаць усім энергетыкам раёна і, вядома, калектыву Чашніцкага РЭС безаварыйнай працы, адсутнасці траўматызму, а таксама здароўі, працоўных поспехаў, аптымізму, сямейнага дабрабыту. Са святам!
Марына Мішулкова.