Адрас: 211149, горад Чашнікі, вул. Савецкая, 44
Е-mail: chashrik@vitobl.by
Факс: 8 (02133) 3-51-75Тэлефон: 8 (02133) 3-51-82
Юныя чашнічане вярнуліся з галоўных ёлак рэспублікі і вобласці, дзе атрымалі масу незабыўных эмоцый і ўражанняў. Імі яны падзяліліся з журналістам раёнкі.
Юлія Кашко, вучаніца 5 "Б" класа ДУА "Сярэдняя школа №2" г. Новалукомль.
- Пераднавагодні тыдзень - самая загадкавая і чароўная пара для мяне. Гэты новы год я запомню на ўсё жыццё, бо прадставілася магчымасць пабываць на галоўнай ёлцы ў Палацы Рэспублікі. Шчаслівы білет дастаўся мне, напэўна, таму, што я перамагала на алімпіядах і творчых конкурсах. Для мяне запаветнай марай было патрапіць у Менск на ёлку. Я раней бачыла толькі па тэлевізары, як Прэзідэнт віншуе рабят, а зараз і сама пабывала на такім свяце.
У першы дзень мы наведалі цырк, такога я яшчэ ніколі не бачыла. Цікавае паданне, больш за ўсё спадабаліся акрабаты і гімнасты. Не давалі сумаваць вясёлыя клоуны, пакарылі мяне дрэсіраваныя маржы, коні, малпы і іншыя жывёлы. А вечарам для нас была арганізавана навагодняя дыскатэка.
Галоўная казка была арганізавана ў Палацы Рэспублікі. Настрой тут стваралі казачныя персанажы, былі арганізаваны конкурсы, віктарыны. Я пазнаёмілася з хлопцамі з іншых абласцей. Паездка - пераднавагодняя гісторыя, дзе я сябе адчувала маленькай прынцэсай. Цяпер дакладна ведаю: мары здзяйсняюцца.
Даніла Зэйдзін, вучань 7 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа №1» г. Новалукомль.
- Першы дзень канікулаў аказаўся класным на сто працэнтаў. На рэспубліканскай ёлцы пабываў упершыню, пазалетась ездзіў на абласную. Вельмі рады, што выпаў шанц паехаць у Мінск. У сталіцу ехалі ў суправаджэнні ДАІ, што стварала адчуванне ўрачыстасці.
Запомнілася ўсё: цікавая праграма Беларускага дзяржаўнага цырка, паказ у Палацы Рэспублікі. Я і ўсе, хто былі побач, былі ў поўным захапленні два дні.
І што самае важнае - сам Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка прыехаў на мерапрыемства. Многім хлопцам пашчасціла з ім сфатаграфавацца.
У канцы мерапрыемства ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз - заплечнікі з прысмакамі і пазлы ў выглядзе карты Беларусі. Я вельмі задаволены, мне вельмі спадабалася паездка.
Кацярына Латыголец, вучаніца 5 класа ДУА "Сярэдняя школа №1" г. Чашнікі.
- Паездка ў Віцебск запомніцца надоўга. Мне вельмі спадабалася, усё было прыгожа, Дзед Мароз і Снягурачка, як з казкі. Я даўно марыла пабываць на такім навагоднім свяце. Мяне запрасілі на абласную ёлку, бо добра вучуся, перамагла на раённай алімпіядзе па беларускай мове, у конкурсе чытальнікаў «Жывая класіка», удзельнічаю ва ўсіх мерапрыемствах школы.
Вельмі спадабаўся навагодні Віцебск. А больш за ўсё запомніўся мюзікл “Ізумрудны горад. ВЗварот»: прыгожыя гарнітуры герояў, дэкарацыі. Мне нават падалося, што я апынулася ў казцы.
Я марыла паехаць і ў мяне атрымалася. Гэтае свята запомніцца, настрой - самы навагодні.
Гутарыла Наталля СТУКАЛАВА.