Навіны раёна
2 сакавіка 2022
Раённая ветэранская арганізацыя выступіла з ініцыятывай перанесці памятную таблічку
Раённая ветэранская арганізацыя выступіла з ініцыятывай перанесці памятную таблічку, якая ўстаноўлена на знаку ў гонар танкавай бітвы каля вёскі Вяцёра, і ўстанавіць яе паблізу ад брацкай магілы ў Старых Лаўках. Гісторыя гэтага памятнага месца звязана з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, а калі быць дакладным, з Лепельскім контрударам, вядомым яшчэ як бітва пад Сянно. Баявыя дзеянні маштабнай танкавай бітвы ў 1941-м вяліся на рацэ Чарнагосніца, у раёне Сянно, вёсак Талпіна, Цотава. Як памяць аб гэтым эпізодзе вайны, у васьмідзесятых гадах мінулага стагоддзя жыхары раёна па ўласнай ініцыятыве ўстанавілі знак.
Дзякуючы шырокай патрыятычнай, краязнаўчай рабоце, якая вялася ў Вяцерскай школе, яму ўдзялялася вялікая ўвага з боку школьнікаў і педагогаў. Яны ўзялі шэфства над памятным знакам, прыбіралі прылеглую тэрыторыю, утрымлівалі яго ў належным выглядзе. Калі школа зачынілася, гэтую функцыю ўзялі на сябе мясцовыя энтузіясты.
— Уся праблема ў тым, што знаходзіцца збудаванне ў цяжкадаступным месцы, — расказвае старшыня Кругліцкага сельвыканкама Аляксандр Пярхуравіч. - Яно ўстаноўлена на ўзвышшы, і даставіць туды будматэрыялы праблематычна. Да таго ж увосень, узімку сюды проста не дабрацца з-за бездарожжа. Гэта можна зрабіць толькі ўлетку ў сухое надвор'е. Вось і атрымліваецца, што нячаста сюды могуць прыйсці людзі, не кажучы ўжо пра нейкія выхаваўчыя мерапрыемствы.
Адмысловую актуальнасць гэтая тэма набыла ў Год гістарычнай памяці. У ветэранскай арганізацыі ўпэўнены: неабходна свята шанаваць памяць аб трагічных і гераічных падзеях Вялікай Айчыннай, подзвігу нашага народа, які абараніў незалежнасць краіны, расказваць аб гэтым падрастаючаму пакаленню. Зрабіць патрыятычныя мерапрыемствы масавымі, яркімі і запамінальнымі можна каля больш маштабных памятных мясцін, на мемарыяльных комплексах. Таму і ўзнікла ідэя аб пераносе знака ў гонар танкавай бітвы.
Гэтае пытанне абмеркавалі і падчас паседжання працоўнай групы, куды ўвайшлі прадстаўнікі зацікаўленых ведамстваў. Пры гэтым найперш пастанавілі правесці грамадскае абмеркаванне гэтай тэмы. Свае прапановы вы можаце выказаць па тэлефоне 6-30-81. Вас уважліва выслухае дырэктар Чашніцкага гістарычнага музея Надзея Юр'еўна Кароль.