Навіны раёна
13 жніўня 2020
Жнівеньскія сустрэчы ля Белай Царквы
У мінулую пятніцу паўвостраў у вёсцы Белая Царква на некаторы час стаў творчай пляцоўкай для мастакоў, музык, танцораў, спевакоў, народных майстроў. Ля муроў Свята-Троіцкай царквы адбылося раённае свята народных рамёстваў.
Мерапрыемства пачалося з набажэнства, якое правялі свяшчэннаслужыцелі Храма Праабражэння Гасподняга г. Чашнікі і Храма свяціцеля Мікалая, архіепіскапа Мірлікійскага г. Новалукомля, на якім, акрамя творчых асоб і шматлікіх гасцей, што прыехалі на фестываль, прысутнічалі старшыня Чашніцкага райвыканкама Леанід Пляшко, другія кіраўнікі раёна, Новалукомльскага гарвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый Чашніччыны.
Затым пачаўся канцэрт духоўнай музыкі і паэзіі. Усе неабходнае, каб далучыцца да акцыі «Запалі свечку», можна было набыць на выставе-продажы царкоўных рэчаў.
На паўвостраве вакол Свята-Троіцкай царквы падчас open air адбыліся спаборніцтвы па пляжным валейболе, дартсе, футболе, гіравым спорце. Прайшоў пленэр сярод мастакоў, вядомых у нашым раёне, а таксама пачаткоўцаў.
На шматлікіх пляцоўках паўвострава напрацягу свята ладзіліся майстар-класы і гульні для дзяцей і дарослых, былі арганізаваны фотазоны, выставы-продажы. Увесь гэты казачны гарадок для гасцей фэсту стварылі калектывы ўстаноў адукацыі Чашнік і Новалукомля, бібліятэк раёна, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённага цэнтра дзяцей і моладзі, гістарычнага музея, а таксама актывісты РК ГА «БРСМ», аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Побач можна было купіць унікальныя сувеніры, даматканае адзенне, упрыгожванні і аксесуары, зробленыя майстрамі Чашніцкага Дома рамёстваў, з Іванска, Новалукомля. У Белаю Царкву таксама завіталі рамеснікі і з Оршы.
На цэнтральнай сцэне ля возера выступілі творчыя калектывы ўстаноў культуры Чашніччыны. У першым аддзяленні амаль пяцігадзіннага канцэрта можна было паслухаць народныя песні, убачыць унікальныя старадаўнія абрады і нават прыняць удзел у іх. На заходзе сонца пачалося эстраднае аддзяленнне.
Гледачы да позняга вечара не толькі падпявалі выступаючым, але і з задавальненнем танцавалі пад сучасныя рытмы. Добры настрой прысутным падаравалі калектывы Лукомльскага, Чарэйскага, Кругліцкага сельскіх дамоў культуры, Іванскага Дома фальклору, Чашніцкага гарадского Дома культуры, Новалукомльскага Палаца культуры, Новалукомльскай і Чашніцкай ДШМ.
На асобнай сцэне, пабудаванай пад раскідзістымі дрэвамі, школы мастацтваў правялі праграму для прыхільнікаў класічнай музыкі.
Былі арганізаваны фудкорты, працавалі атракцыёны. Усяго на мерапрыемстве пабывалі каля 2000 чалавек.