Адрас: 211149, горад Чашнікі, вул. Савецкая, 44
Е-mail: chashrik@vitobl.by
Факс: 8 (02133) 3-51-75Тэлефон: 8 (02133) 3-51-82
У Сафійскім саборы ў Полацку з 28 сакавіка па 5 мая пройдзе XXХIII Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў арганізацыйным камітэце фестывалю.
Пад купаламі велічнай полацкай Сафіі гэтай вясной прагучаць шэдэўры старадаўняй камернай музыкі і творы вядомых кампазітараў сучаснасці. Адкрыццё фестывалю адбудзецца 28 сакавіка ў 15.00. Старт шэрагу канцэртаў дадуць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая і камерны аркестр "Еўропа-Цэнтр" пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава. Яны з'яўляюцца нязменнымі ўдзельнікамі фестывалю, а ў якасці госці канцэрта перад гледачом паўстане салістка Вялікага тэатра Рэспублікі Беларусь Таццяна Гаўрылава (сапрана). Чатыры стагоддзі класічнай музыкі - ад Баха да Джэнкінса - такі музычны дыяпазон праграмы першага канцэртнага дня.
Аматары класікі змогуць пабываць на выступленні маскоўскіх салістаў - лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Настассі Быкавай (арган) і Канстанціна Ліманцава (труба) 11 красавіка. Расійскія музыканты вядуць актыўную канцэртную дзейнасць на радзіме і за мяжой. Для полацкага гледача яны выканаюць творы Баха, Гендэля, Шуберта і інш.
Духавы квінтэт салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі выступіць 16 красавіка. Праграма гасцей са сталіцы будзе прысвечана музыцы мінулага стагоддзя. Творы кампазітараў XX стагоддзя - Стравінскага, Равеля, Канчэлі - набудуць новае гучанне ў непаўторнай атмасферы Сафійскага сабора.
На вечары раманса 21 красавіка народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў (барытон) і піяністка Наталля Котава падораць гледачам цёплую сустрэчу з шэдэўрамі вакальнай лірыкі.
Завяршальным акордам фестывалю стане выступленне 5 мая мужчынскага хору "Усіхсвяцкага". Гэта адзіны ў нашай рэспубліцы прафесійны царкоўны мужчынскі хор, які ўдзельнічае ў богаслужэннях і актыўна вядзе канцэртную дзейнасць. Геаграфія выступленняў хору выходзіць за межы Беларусі. Калектыў прадставіць у Полацку праграму духоўных песнапенняў, народных і свецкіх песень, у тым ліку творы беларускіх кампазітараў.
БелТА