Рус
En
Бел

Адрас: 211149, горад Чашнікі, вул. Савецкая, 44

Е-mail: chashrik@vitobl.by

Факс: 8 (02133) 3-51-75

Тэлефон: 8 (02133) 3-51-82

Святкаванне 50-годдзя г.Новалукомля Цэнтральная плошча горада Новалукомля Гасцініца г.Чашнікі
Святкаванне 50-годдзя г.Новалукомля

Навіны рэгіёну

20 студзеня 2025

Лёс чалавека: Сяргей Дзядоў з Лужасна, які прысвяціў большую частку свайго жыцця лясной гаспадарцы, адзначыў 90-гадовы юбілей

Сяргей Дзядоў з Лужасна, які прысвяціў большую частку свайго жыцця лясной гаспадарцы, адзначыў 90-гадовы юбілей. З гэтай нагоды да яго завіталі кадэты Віцебскага кадэцкага вучылішча. Хлопцы і дзяўчаты з цікаўнасцю паслухалі ўспаміны юбіляра, атрымалі ад яго ўрок жыццёвай мудрасці і наказ на будучыню.


Бацька Сяргея Дзядова Васіль Сцяпанавіч у гады Вялікай Айчыннай вайны быў кулямётчыкам. Двойчы перанес раненне, апошні раз пад Ржэвам. Куля раздрабіла нагу, пасля чаго ён доўга лячыўся ў шпіталі. У вёсцы, дзе жылі Дзядовы, стаяла Віцебская партызанская брыгада, якой кіраваў Міхал Бірулін. Тут жа размяшчаўся партызанскі вузел сувязі, праз рацыю народныя мсіўцы мелі сувязь з Масквой. Снабжэнне партызан забяспечвалі самалёты ваенна-транспартнай авіяцыі, якія садзіліся на партызанскім аэрадроме, што быў уладкаваны на возеры Плаў.

Падчас карнай аперацыі фашыстаў «Шаравая маланка» партызаны з жорсткімі баямі былі вымушаны адыходзіць у Шчалбоўскія лясы. Разам з імі пакідалі свае дамы і мірныя жыхары. Апынуўшыся ў блакадзе, людзі хаваліся на балотах. Ніколі не забудзе Сяргей Васільевіч, як карнікі праходзілі непадалёк з крыкамі «Рус, здавайся!». Ці тое, як маці, каб шумам не выдаць карнікам месца знаходжання схаваўшыхся людзей, была вымушана закруціць у хустку сваю дачку-немаўля і закапаць яе ў снег! Праўда, не вытрымаўшы, адзін з мужчын сказаў: «Не гожа гэтак! Калі паміраць, дык лепей усім разам». І маці з плачам забрала малую.

Групу, у якой ратаваліся Дзядовы, немцы схапілі, але не расстралялі, а павялі ў Гарадок, а потым у сумна вядомы «Пяты полк». Адтуль вывезлі ў Лёзненскі раён і размясцілі ў канцлагеры «Пяцітысячнік». Людзей утрымлівалі зімой проста ў чыстым полі, абкружаным калючым дротам. Спецыяльна прывязлі сюды і хворых на тыф, спадзеючыся, што савецкія салдаты пры вызваленні палонных самі захварэюць і пачнецца эпідэмія. Але планы нацыстаў не спраўдзіліся.

Савецкія разведчыкі змаглі вызваліць палонных і перавесці іх у Сураж. Сяргей Дзядоў разам з іншымі застаўся жывы. А колькі разоў мог загінуць! Не ўсім яго землякам так пашчасціла. У Ноўцы немцы расстралялі кожнага пятага яе жыхара. Вёску Нізкія спалілі разам з насельніцтвам. У гісторыі добра вядома Шчалбоўская трагедыя, калі карнікі безлітасна знішчылі сотні мірных людзей, якіх схапілі ў Шчалбоўскай пушчы.

Вярнуўшыся пасля вызвалення раёна дадому, вяскоўцы вырылі зямлянкі, жылі ў іх, бо ўсе дамы немцы спалілі. Калі прыехаў бацька Сяргея Дзядова, то пабудаваў невялічкую хатку, у якой засядала праўленне сельскага савета. Ежы амаль не было. Шукалі перамарожаныя бульбіны, расціралі іх на тарцы, дадавалі шчаўя і пяклі аладкі, якія называлі «шайморы». Вучыліся ў школе ў вёсцы Казловічы, да якой трэба было хадзіць сем кіламетраў. Бацька даваў ліхтар, які запраўлялі газай. Асабліва страшна было ўзімку, бо ў лясах развялося шмат ваўкоў. Летам дабіраліся праз возера на лодцы.


Затым была служба ў войску, Паўночны флот. Калі вярнуўся дадому, стаў працаваць у Суражскім лясгасе лясніком. Адвучыўся ў Барысаўскай лясной школе, прайшоў павышэнне кваліфікацыі ў Полацкім леса-тэхнічным тэхнікуме, які скончыў завочна. Быў прызначаны ў Ноўкінскае лясніцтва ляснічым. Адказваў ячшэ за пяць лясніцтваў. У канцы 1970-х быў пераведзены бліжэй да Віцебска. За добрую працу Сяргей Дзядоў узнагароджаны граматамі камітэта па лесе Савета Міністраў БССР. У адзін год яго прызналі лепшым лясным майстрам ў Беларусі. Працаваў яшчэ шмат гадоў і на пенсіі.


Вось ужо чвэрць стагоддзя Сяргей Васільевіч на заслужаным адпачынку. Ён добры бацька і любімы дзядуля. Па-ранейшаму вядзе актыўны лад жыцця, у сезон вырошчвае некалькі дзесяткаў сотак бульбы і гародніны. Трымае сад, мае матаблок, дапамагае суседзям. Дзяржава не забывае на яго. Ветэран працы мае добрую пенсію, дапамогу сацыяльнага работніка.


На юбілеі атрымлівае віншаванні прадстаўнікоў мясцовай улады, работнікаў лясной гаспадаркі і нават міністра. Сяргей Дзядоў узнагароджаны юбілейнымі медалямі ў гонар вызвалення Беларусі, мае нагрудны знак «Вязень нацызма». Аднавяскоўцы паважаюць гэтага разумнага, добрага і сціплага чалавека. Да яго прыслухоўваюцца, прыходзяць па параду і проста пагутарыць ды набрацца мудрасці.

Апытанне
Што, на ваш погляд, патрабуецца для паляпшэння якасці абслугоўвання ў службе "адно акно"?
Інтэрнет-рэсурсы