Адрас: 211149, горад Чашнікі, вул. Савецкая, 44
Е-mail: chashrik@vitobl.by
Факс: 8 (02133) 3-51-75Тэлефон: 8 (02133) 3-51-82
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае ААТ "БелВітуніфарм" у Віцебскім раёне, дзе плануецца арганізаваць вытворчасць беларускай вакцыны ад COVID-19, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
“Мы гаворым аб сумесным прадпрыемстве з
“Белмедпрэпаратамі” - зусім новым прадпрыемстве, у якое будзе ўлівацца вопыт
“Белмедпрэпаратаў” па рабоце ў чалавечай медыцыне. І наш - у біялагічнай
прамысловасці. Новае прадпрыемства будзе выпускаць вакцыну для людзей на
сучасным абсталяванні без якіх-небудзь узаемасувязей з жывёльным светам. Тут
узаемасувязь толькі адна - гэта вопыт работы. Усё роўна ёсць пэўнае
падабенства. Вакцыны для чалавека і жывёл па вытворчых пытаннях на 90 працэнтаў
супадаюць. Для вытворчасці розніцы няма”, - расказаў журналістам дырэктар ААТ
“БелВітуніфарм” Сяргей Бальшакоў.
У сваю чаргу генеральны дырэктар РУП
“Белмедпрэпараты” Сяргей Бяляеў сказаў, што вытворчасць плануецца з двух этапаў.
Першы - доследна-прамысловая вытворчасць, калі лабараторная тэхналогія будзе
адаптавацца да патрэб прамысловай вытворчасці. “На першым этапе плануецца
задзейнічаць дзве пляцоўкі. Гэта “БелВітуніфарм”, улічваючы іх вопыт работы з
вакцыннымі прэпаратамі. У іх будзе вырабляцца актыўны кампанент. А на
“Белмедпрэпаратах” будзе ўжо збірацца вакцына як лекавы прэпарат і выпускацца
гатовая форма. Гэтыя ўзоры павінны будуць пайсці на клінічныя выпрабаванні для
таго, каб вывучыць іх эфектыўнасць і бяспеку ўжо ў даследаваннях на чалавеку”.
Сяргей Бяляеў адзначыў, што РУП “Белмедпрэпараты”
мае вопыт работы з вакцыннымі прэпаратамі - цяпер выпускаецца расійская вакцына
супраць COVID-19 "Спадарожнік V". "Гэта (выпуск айчыннай
вакцыны. – Заўвага БЕЛТА) будзе вельмі падобны працэс. Адзінае, будуць яшчэ
дадатковыя стадыі па зборцы вакцыннага прэпарату, - расказаў ён. - Асаблівасць
вытворчасці ўласнай вакцыны ў тым, што мы будзем у меншай ступені залежаць ад
пастаўкі субстанцыі з замежных краін. У нас будзе беларуская вытворчасць
беларускай вакцыны. І гэта адзін з важнейшых залогаў забяспечанасці краіны
вакцыннымі прэпаратамі тут і цяпер - ад каранавіруснай інфекцыі, а ў будучым і
ад іншых выклікаў”.
Кіраўнік РУП “Белмедпрэпараты” ўдакладніў, што для
вытворчасці айчыннай вакцыны будзе закупляцца за мяжой толькі асобная сыравіна,
як, напрыклад, пажыўныя асяроддзі, фільтры.
Аб аб’ёмах вытворчасці гаварыць пакуль рана. Цяпер
можна канстатаваць толькі стварэнне прататыпа вакцыны і вызначэнне
тэхналагічнага падыходу, які будзе рэалізоўвацца для вытворчасці вакцыны. “На
гэты час падключыліся прадпрыемствы менавіта для таго, каб на базе лабараторнай
тэхналогіі распрацаваць прамысловую. Каб гэта вакцына захавала свае
ўласцівасці, была па-ранейшаму эфектыўнай і бяспечнай. І наша задача зрабіць яе
эканамічна мэтазгоднай для вытворчасці”, - растлумачыў Сяргей Бяляеў.