Адрас: 211149, горад Чашнікі, вул. Савецкая, 44
Е-mail: chashrik@vitobl.by
Факс: 8 (02133) 3-51-75Тэлефон: 8 (02133) 3-51-82
У Івацэвіцкім раёне ўрачыста адкрылі пасля шматгадовай рэканструкцыі помнік архітэктуры XIX стагоддзя - Косаўскі палацава-паркавы ансамбль, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Работы па рэстаўрацыі аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны пачаліся ў маі 2008 года. Перад гэтым на працягу трох гадоў спецыялісты ААТ "Брэстрэстаўрацыя" працавалі над навукова-праектнай дакументацыяй па аднаўленні аб'екта. Рэалізацыя амбіцыйнага праекта ўключала некалькі этапаў: рэстаўрацыю ўнутры і звонку самога палаца Пуслоўскіх, стварэнне музейнай экспазіцыі, пракладку інжынерных сетак, добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Фінансаванне будаўніцтва вялося па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме на парытэтных пачатках з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. У выніку за няпоўныя 15 гадоў у рэканструкцыю палацава-паркавага комплексу было ўкладзена звыш Br34 млн, у тым ліку за бягучы год - больш за Br6 млн.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця і ўводу ў эксплуатацыю ўнікальнага аб'екта прынялі ўдзел міністр культуры Анатоль Маркевіч, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук, запрошаныя на навагодні баль прадстаўнікі таленавітай моладзі Брэсцкай вобласці.
Пасля таго, як была перарэзана сімвалічная чырвоная стужка, супрацоўнікі комплексу правялі для гасцей экскурсію па залах палаца, азнаёмілі з музейна-выставачнай экспазіцыяй. Косаўскі палац узвяла ў 1838 годзе сям'я магнатаў і прамыслоўцаў Пуслоўскіх. Выбар месца быў звязаны з суседняй гістарычнай сядзібай, дзе, паводле афіцыйнай версіі, у 1746 годзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Сярод гасцей палаца бывалі Напалеон Орда, Генрык Сянкевіч, Эліза Ажэшка, Юзаф Пілсудскі, Вацлаў Ластоўскі.
"У слаўнай гісторыі гэтага палаца былі розныя старонкі. Але сапраўды адраджэнне комплексу адбылося ў навейшай гісторыі нашай краіны - незалежнай суверэннай Беларусі", - падкрэсліў Анатоль Маркевіч.
Ён адзначыў, што дзяржава ўкладае вялікія сродкі ў захаванне гісторыка-культурнай спадчыны: толькі за гэты год на рэканструкцыю, рэстаўрацыю аб'ектаў было накіравана каля Br50 млн. "Гэта наша аснова, таму што мы абавязаны ведаць сваю гісторыю і на гэтым выхоўваць маладое пакаленне. Я упэўнены, што Косаўскі палацава-паркавы ансамбль сярод іншых сакральных аб'ектаў брэсцкай зямлі будзе месцам прыцягнення, магнітам для шматлікіх турыстаў, якія прыязджаюць ужо і будуць прыязджаць сюды, для таго каб атрымаць асалоду ад архітэктуры, гэтай унікальнай мясціны, пранікнуцца гісторыяй нашай краіны", - сказаў міністр культуры.
Свята ў Косаве прадоўжыў абласны навагодні баль для лепшых студэнтаў і навучэнцаў, у якім прынялі ўдзел больш за 50 юнакоў і дзяўчат.