Навіны рэспублікі
9 сакавіка 2022
Міністэрства аховы здароўя: лякарстваў і медвырабаў на складах дастаткова"
Лякарстваў і медвырабаў на складах дастаткова, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства аховы здароўя.
"Цяпер сфарміраваны дастатковы запас лекавых прэпаратаў. Уведзеныя ЗША і краінамі ЕС абмежаванні на Расійскую Федэрацыю не датычацца фармацэўтычнай галіны і не паўплываюць на пастаўкі лякарстваў у Беларусь", - адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца медыкаментам, якія з'яўляюцца жыццёва неабходнымі.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі прааналізавала наяўныя на складах лекавыя прэпараты па пераліку асноўных лекавых сродкаў. "Існуючых астаткаў дастаткова для бесперапыннага лекавага забеспячэння насельніцтва на працягу 6-17 месяцаў", - дадалі ў міністэрстве.
Што датычыцца фізраствораў, ваты, бінтоў, іншага перавязачнага матэрыялу, гэтыя групы медвырабаў вырабляюцца беларускімі прадпрыемствамі.
"Некаторыя пазіцыі будуць заменены іншай фасоўкай (напрыклад, прапафол 20 мл і 50 мл), іншым вытворцам. З пункту гледжання вытворчасці можна адзначыць, што асноўным пастаўшчыком субстанцый у Рэспубліку Беларусь з'яўляецца Кітай (больш за 70 працэнтаў найменняў), другім - Індыя", - адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Міністэрства аховы здароўя атрымала інфармацыю ад замежных фармацэўтычных кампаній аб тым, што яны не плануюць спыняць пастаўкі лекавых прэпаратаў у Беларусь. Усе вытворцы пацвердзілі адгрузкі. "Вядома, змянілася лагістыка дастаўкі, але лекавыя прэпараты не знікнуць з аптэчнай сеткі", - удакладнілі ў міністэрстве.
Акрамя таго, на наступным тыдні пройдуць запланаваныя раней перагаворы з вядучымі замежнымі фармкампаніямі аб лакалізацыі вытворчасці некаторых важнейшых лекавых сродкаў у Беларусі.