Адрас: 211149, горад Чашнікі, вул. Савецкая, 44
Е-mail: chashrik@vitobl.by
Факс: 8 (02133) 3-51-75Тэлефон: 8 (02133) 3-51-82
Чашніцкі раён размешчаны на поўдні Віцебскай вобласці і займае плошчу 1,5 тыс. кв.км. Утвораны 17 ліпеня 1924 г. Мяжуе з Бешанковіцкім, Лепельскім, Сенненскім раёнамі Віцебскай вобласці і Крупскім і Барысаўскім раёнамі Мінскай вобласці.
Цэнтр раёна - горад Чашнікі - знаходзіцца ў 100 км ад г. Віцебска і 200 км ад г. Мінска, у 3-х км ад чыгункі Орша - Лепель. У складзе раёна г.Навалукомль, 208 сельскіх населеных пунктаў.
У адміністрацыйных адносінах раён падзелены на 7 сельскіх саветаў:
Іванскі, Красналуцкі, Кругліцкі, Лукомскі, Новазаранскі, Альшанскі, Празямлянскі.
Тэрыторыя размешчана ў межах Чашніцкай раўніны. На паўднёвым захадзе і захадзе - Лукомскае ўзвышша. Найвышэйшы пункт - 242 м - за 4 км ад в. Дабрамыслі. З карысных выкапняў ёсць торф, гліны, будаўнічыя пяскі, сапрапель. У раёне знаходзіцца частка ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння - Сялява, створаны батанічныя заказнікі мясцовага значэння Саснягі, Ліпнікі.1/3 частка тэрыторыі пакрыта лясамі.
На тэрыторыі раёна працякаюць рэкі Лукомка, Ула, Усвейка, Эса, Байна, Югна (басейн Заходняй Дзвіны). У раёне 70 азёр, сярод іх - Лукомскае возера, на беразе якога пабудавана найбуйнейшая ў рэспубліцы Лукомская ДРЭС.
На заходнім беразе возера Лукомскае створана зона адпачынку, дзе размешчаны аздараўленчы комплекс "Сасновы бор" і дзіцячы аздараўленчы лагер "Юнацтва".