Адрес: 211149, город Чашники, ул. Советская, 44
Е-mail: chashrik@vitobl.by
Факс: 8 (02133) 3 51 75
Телефон: 8 (02133) 3 51 82
Вялікая Айчынная. Незабыўнае
На другі дзень Вялікай Айчыннай вайны калгасы, саўгасы, прадпрыемствы Чашніцкага раёна пачалі спешна эвакуіраваць на ўсход трактары, аўтамабілі, грамадскую жывёлу, каштоўнае абсталяванне. Цэлымі сем'ямі жыхары раёна выязджалі ў бок Бешанковічаў. Тыя, хто заставаўся, пачалі будаваць каля сваіх дамоў укрыцці – «акопы». Неўзабаве на дарогах з'явіліся бежанцы, потым часці Чырвонай Арміі, якія адступалі. Фронт імкліва набліжаўся.
Каля вёсак Тоўпіна, Вялікія і Малыя Ліпавічы, Цотава, Горы праходзілі цяжкія баі часцей 17-й мотадывізіі (камандзір палкоўнік Карчагін) з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 8 ліпеня 1941 г. перадавы атрад дывізіі пад камандаваннем маёра Міхайлоўскага выбіў праціўніка. Былі захоплены 24 гарматы, 3 танкі і інш.
Адначасова 17-ы мотастралковы полк у складзе 1-га і 2-га стралковых батальёнаў, дывізіёна 17-га гаўбічнага палка, некалькіх гармат супрацьтанкавай артылерыі, 6 танкаў зрабілі налёт на нямецкія мотамехчасці каля в.Тоўпіна. У выніку бою знішчана 50 аўтамашын праціўніка, шмат гітлераўцаў. І толькі пасля моцнага артылерыйскага агню нямецка-фашысцкіх войск, падраздзяленні нашых войск адступілі.
Горад Чашнікі быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі 5 ліпеня 1941 г., увесь Чашніцкі раён – 20 ліпеня.
Акупацыйны рэжым
З архіўных дакументаў.
З 5 ліпеня 1941г. да 27 чэрвеня 1944 г.Чашніцкі раён знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
Акупацыйны рэжым уяўляў сабой сістэму палітычных, эканамічных і ваенных мер, накіраваных на ліквідацыю сацыялістычнага грамадскага і дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, зняволенне і знішчэнне беларускага народа. Устаноўлены так званы “новы парадак” уяўляў сабой жорсткі каланіяльны рэжым беззаконня, гвалту, грабяжу і крывавага тэрору. Былі ліквідаваны савецкія органы ўлады, насельніцтва пазбаўлена элементарных грамадзянскіх правоў і чалавечых свабод. Любое супраціўленне акупацыйным уладам, невыкананне іх загадаў каралася смерцю без суда і следства. Акупацыйным уладам ставілася задача навесці жах на насельніцтва любымі сродкамі. Для эканамічнага рабавання і эксплуатацыі прыродных багаццяў быў створаны спецыяльны апарат. Рабавалася не толькі грамадская ўласнасць, але і асабістая маёмасць грамадзян.
У Чашніках і буйных населеных пунктах існавалі нямецкія камендатуры. Былі прызначаны бургамістры, створаны паліцэйскія атрады, у вёсках прызначаны старасты.
Галоўнай функцыяй грамадзянскай улады было ўсталяванне нямецкага парадку на падначаленай тэрыторыі. У гэтых мэтах вуліцы Чашнікаў былі падзелены на дзесяцідворкі, за якія адказвалі прызначаныя старасты. Праз іх перадаваліся патрабаванні бургамістра і нямецкай камендатуры, загады па выхаду на работу, праводзіўся збор падаткаў.
Земуправа зрабіла абмер зямлі, што прылягала да Чашнікаў, і падзяліла яе паміж жыхарамі. Кожны гаспадар павінен быў плаціць нямецкай уладзе падаткі натуральнымі прадуктамі – салам, мясам, яйкамі, зернем і інш.
Быў арганізаваны паліцэйскі атрад, у склад якога ўваходзіла каля 30 чалавек. Пад наглядам паліцэйскіх людзі выконвалі розную работу: капалі канавы, спілоўвалі дрэвы, якія траплялі ў сектар агляду наваколля, расчышчалі дарогі ад снегу, узводзілі абарончыя збудаванні.
Парушэнні парадку строга караліся. Ганебныя, зневажальныя адносіны да людзей з боку новых улад асабліва праяўляліся да жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. Гэта група людзей была вылучана асобна: да іх дамоў былі прымацаваны шасцікутныя зоркі, на іх вопратку прышыты жоўтыя кругі.
Без суда і следства немцы расстрэльвалі актыўных камуністаў, тых, хто пры савецкай уладзе займаў кіруючыя пасады.
Тэрор, подкуп, правакацыі, падман, расстрэл – усё прымянялася для запалохвання мірных людзей і прыгнёту. Гітлераўскія карныя атрады часта праводзілі ў вёсках аблавы. Падазроных адпраўлялі ў турму.
Са звестак Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь за гады вайны ў раёне было спалена 2 440 двароў, знішчэнню падверглася 187 населеных пунктаў.
Найбольш жорсткай расправе падвергліся мірныя жыхары в.Вішанькі. Раніцай 9 сакавіка 1944 г. акупанты сагналі ў дзве хаты 116 жыхароў вёскі і падпалілі іх. Перад гэтым непадалёк ад вёскі ў баі з партызанамі загінула 20 немцаў, былі ўзяты 2 “языкі”. За гэта немцы жорстка пакаралі мірных жыхароў.
Вішанькі называюць роднай сястрой Хатыні.
За сувязь жыхароў в.Асташова з партызанамі 22 красавіка 1944 г. немцы спалілі 45 хат, у агні загінулі 22 чалавекі, в.Ярынова Красналуцкага сельсавета спалена ў красавіку 1944 г. Цудам засталіся жывымі яе жыхары. Фашысты знішчылі 26 двароў у в.Федзькі, 80 двароў з 82 у в.Стаўбцы, 55 двароў з 58 у в.Пасынкі.
У верасні 1942 г. немцы расстралялі 24 жыхароў в.Ухлё за дапамогу падпольнай группе «Цэнтр». У маі 1944 г. немцы спалілі 12 дамы з 19 у в.Карнілаўка. Цалкам ў гэты час спалілі в.Мялешкавічы (усе 22 дамы).
Вясной 1944 г. нямецкія акупанты здзейснілі сваю апошнюю жудасную акцыю – пагналі ў фашысцкае рабства 1640 жыхароў.
Трохгадовая фашысцкая акупацыя прынесла жыхарам раёна незлічоныя беды, страты і няшчасці.
Генацыд
Генеральным планам нямецкага камандавання “Ост” прадугледжвалася, што ад агульнай колькасці беларусаў павінна застацца не болей 25%. Некаторыя народы, напрыклад яўрэі, падлягалі поўнаму вынішчэнню. Сваю мэту немцы пачалі здзяйсняць з першага года акупацыі. Страшныя карціны паўстаюць з успамінаў сведкаў трагедый масавых расстрэлаў яўрэяў у 1941 і 1942 гг.
У канцы 1941 г. у раёне была праведзена першая карная аперацыя – расстраляны яўрэі в.Лукомль (каля 180 чалавек). Асабліва жудаснымі былі люты і сакавік 1942 г. 12 лютага карнікі знішчылі каля 1439 яўрэяў у Чашніках, а 5 сакавіка – 560 яўрэяў в.Чарэя. 306 яўрэяў расстраляна ў Красналуках.
Не толькі чашніцкіх яўрэяў расстралялі фашысты каля Слабадскога поля за р.Улаю. Побач была выкапана яшчэ адна вялікая яма, куды скідвалі замардаваных беларусаў, рускіх, палякаў з Чашнікаў і навакольных вёсак. Летам 1942 г. расстралялі групу цыган. Людзі розных нацыянальнасцей ляжаць там, на высокім узвышшы.
Падпольныя групы
У дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь паведамляецца аб тым, што у жніўні 1941 г. ў Чашніцкім раёне пачала дзейнічаць падпольная група «Цэнтр», у якую ўваходзілі С.Е.Папкоў (кіраўнік), У.Т.Гаваркоўскі, Д.А.Кіркіж, М.П.Корбан, Р.Е.Корбан, Д.М.Лазарэвіч, П.Д.Лазарэвіч, М.С.Марціновіч і інш – усяго 12 чалавек. Падпольшчыкі займаліся разгортваннем партызанскага руху на тэрыторыі раёна. Яны вялі палітычную работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро. У жніўні 1941 г. былі створаны баявыя групы В.А.Захарчанкі і А.Л.Сухушына. Першая з іх вырасла ў партызанскі атрад Захарчанкі, які ўваходзіў у Сенненскую брыгаду, другая ўлілася ў атрад «Сібірак» (пазней у складзе брыгады «За Савецкую Беларусь»).
У сакавіку-красавіку 1942 г. гітлераўцы высачылі і амаль цалкам знішчылі кіраўнічае ядро групы «Цэнтр».
У барацьбе з акупантамі загінулі: Я.І.Калістаў, Д.А.Кіркіж, М.П. і Р.Е.Корбаны, П.Д.Лазарэвіч, Ф.У.Смаляк, І.І.Удалы, С.А.Марціновіч, С.Е.Папкоў, В.П.Шлык, Н.Р.Эсманд.
Яшчэ адна падпольная група дзейнічала на торфапрадпрыемстве «1Мая», яе ўзначальваў Дз.Ц.Міцькавец, Група была звязана з брыгадай імя Заслонава. У групу першапачаткова ўваходзілі І.Мацькавец, А.Каваленка і М.Міцькавец. У канцы 1941 г. яны разабралі вузкакалейную чыгунку ад торфапрадпрыемства да Чашніцкай папяровая фабрыкі. У ліпені 1942 г.ўзарвалі 2 агрэгаты для вытворчасці торфабрыкетаў. Праз сувязнога В.М.Чарнова перадавалі ў брыгаду імя Заслонава звесткі пра варожыя гарнізоны ў Чашніках, в.Альшанцы, на папяровай фабрыцы «Чырвоная Зорка». Асабліва небяспечнай была работа сярод паліцэйскіх, якая праводзілася з мэтай перацягнуць іх на бок партызан. У ліпені 1942 г. 32 паліцэйскія перайшлі ў 1-ю партызанскую брыгаду імя Заслонава.
Група праводзіла разведвальную і дыверсійную работу, у 1944 г. непасрэдна ўдзельнічала ў ліквідацыі акружаных нямецкіх часцей. Актыўны ўдзел у рабоце групы прымалі Дз.Ц.Міцькавец (кіраўнік), А.Ц.Караткевіч, Я.Ф.Сафонаў, К.Р.Сянько, А.Ф.Сянько, А.Ф.Барадаўка, П.Ц.Міцькавец, З.Р.Міцькавец, Л.П.Лапатнёва, і інш. Большасць членаў падпольнай групы загінулі ў барацьбе з ворагам.
Актыўна дзейнічала падпольная група, якую ўзначальвала М.Р.Грышына. Падпольшчык Аляксандр Церашкоў напярэдадні 1 мая 1942 г. вывесіў у цэнтры Чашнікаў на слупе, недалёка ад дома бургамістра, чырвоны сцяг. Фашысцкі паслугач спрабаваў зняць сцяг, але раздаўся выбух. Бургамістр загінуў.
Каб пастаянна быць у курсе спраў, ведаць намер фашыстаў, патрыёты ўладкоўваліся на работу да немцаў. К.А.Вінядоўская працавала машыністкай у чашніцкай камендатуры, мела доступ да сакрэтных дакументаў, перадавала іх змест партызанам.
Вялікую дапамогу аказваў партызанам С.Я.Казлоў, які служыў у паліцыі. Для атрада В.С.Лявонава ён здабываў зброю, паведамляў аб намерах акупантаў, выведваў паролі. У канцы 1943 г. гітлераўцы напалі на след падпольнай групы. 9 лютага 1944 г. пасля жорсткіх здзекаў і катаванняў фашысты расстралялі на беразе р.Ула 23 чалавекі. У іх ліку былі М.Р.Грышына, В.К.Ваўчанкова, К.А.Вінядоўская, К.Шостак, піянерка Т.Унуковіч.
У Чашніках дзейнічалі 3 падпольныя камсамольскія арганізацыі (сакратары А.Варгаліёнак, К.Казлова, С.Шумовіч).
Вялікую дапамогу аказвалі партызанам камсамольцы-падпольшчыкі А.Церашкоў, Л.Закрэўская, В.Хадатовіч, В.Сяўцова, В.Шнітко, Г.Чэпік, Г.Баркевіч і інш. Яны трымалі сувязь з партызанскай разведчыцай Н.І.Грыбоўскай, медыцынскімі работнікамі атрада М.С.Завадскай, В.М.Мурасінай, М.П.Салаўёвай і інш.
Партызанскі рух
У гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць Чашніцкі раён» расказваецца аб дзейнасці партызан на тэрыторыі раёна.
У жніўні 1941 г. створаны партызанскі атрад на чале з Ц.Я.Ермаковічам. У верасні 1941 г. ў лясах каля Чарэі арганізаваны партызанскі атрад з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне (камандзір В.Шчукін). Восенню 1941 г.пры садзейнічанні падпольнай групы «Цэнтр» арганізаваны невялікія партызанскія атрады, якія пазней уліліся ў Чашніцкую партызанскую брыгаду «Дубава», Сенненскую партызанскую брыгаду. У верасні 1941 г. ў Кашчынскія лясы з Вялікай зямлі прыбыў атрад пад камандаваннем Р.М.Лінькова. Ён дзейнічаў у Кашчынскіх і Красналуцкіх лясах. Дапамогу яму аказвалі жыхары вёсак Забор'е, Пасынкі, Гілі, Сарочына, Маскоўская Гара, Сіманавічы, Гурэц і інш. Вясной 1942 г. ў атрад улілося шмат новых байцоў. За гады вайны на тэрыторыі раёна дыслацыраваліся Чашніцкая брыгада «Дубава», 1-я Смаленская, 1-я Беларуская і 2-я Беларуская імя П.К.Панамарэнкі (2-га складу), 1-я і 2-я імя К.С. Заслонава, Багушэўская (2-га складу), 1-я Віцебская (2-га складу), «Граза» М.П.Гудкова, імя А.Ф.Данукалава, Лёзненская, Сенненская партызанскія брыгады, партызанскі полк Смаленскі і асобны партызанскі атрад Ц.Я.Ермаковіча. У маі 1942 г. атрад перамясціўся на тэрыторыю Заходняй Беларусі.
Партызаны паралізавалі дзейнасць чыгункі Орша-Вятны-Чашнікі-Лепель, узрывалі масты і станцыйныя будынкі, знішчалі палатно чыгункі. Праводзілі дыверсіі на дарогах Чашнікі-Копцевічы-Іванск-Дзямідавічы-Бачэйкава, Чашнікі-Пачаевічы-Лукомль, грамілі варожыя гарнізоны ў вёсках і Чашніках, зрывалі нарыхтоўкі прадуктаў харчавання, утваралі партызанскія зоны, ратавалі людзей ад гібелі, угону ў Германію, вялі патрыятычную работу сярод насельніцтва.
Чашніцкая брыгада «Дубава» (камандзір Ф.Ф.Дуброўскі, намеснік камандзіра С.В.Маркевіч) утворана 28 жніўня 1942 г. на базе вылучаных з брыгады «Смерць фашызму» 9-га і асобнага 68-га атрадаў. Пазней у Чашніцкай брыгадзе «Дубава» ўтвораны новыя атрады 2-гі (былы 2-гі атрад перайменаваны ў 3-ці), 4-ы, 5-ы, 8-ы, 9-ы, 11-ы, 13-ы, 14-ы. Кавалерыйскі эскадрон атрымаў назву 16-ы атрад, артдывізіён – 15-ы атрад. У такім складзе партызаны брыгады «Дубава»кантралявалі тэрыторыю Чашніцкага раёна да вызвалення яго ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Месцам яго дыслакацыі напачатку была Саснягоўская пушча каля в.Васькаўшчына, потым в.Маскоўская Гара.
У 1943 г. Чашніцкая партызанская брыгада «Дубава» ўжо мела вопыт барацьбы з ворагам, мела шырокую сетку падпольных арганізацый, была добра ўзброена. У гэты час пачалася сапраўдная вайна ў тыле ворага. Партызанскія брыгады грамілі варожыя гарнізоны ў Чашніках, вёсках Чарэя, Лукомль, Цяпіна, Варкі, Залессе і інш. Пачалі праводзіцца сумесныя ўзгодненыя дзеянні партызанскіх брыгад супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
План разгрому гарнізона ў г.Чашнікі, які налічваў каля 300 гітлераўцаў, быў распрацаваны камандаваннем Чашніцкай партызанскай брыгады. У яго ажыццяўленні ўдзельнічалі 1-й, 2-ы і 3-і атрады брыгады (320 байцоў.).
19 студзеня партызаны блакіравалі Чашнікі. У выніку трохдзённых баёў партызаны забілі і паранілі больш за 100 гітлераўцаў, захапілі трафеі, знішчылі льнозавод і пякарню.
Бой 19-21 кастрычніка 1943 г. з'яўляўся састаўной часткай Лепельскай аперацыі 1943 г., у мэтах садзеяння наступленню Чырвонай Арміі. Смаленскаму партызанскаму палку па плану аперацыі ставілася задача авалодаць Чашніцкім гарнізонам (каля 700 гітлераўцаў, 4 лініі ўмацаванняў). У ноч на 20 кастрычніка Смаленскі партызанскі полк (2-і, 3-і і 4-ы батальёны) атакаваў праціўніка і выбіў яго з займаемых пазіцый. Ашаломленыя націскам партызан, гітлераўцы схаваліся ў цагляных будынках касцёла, бальніцы, школы, і на працягу дня арганізавалі 4 контратакі, якія былі адбіты партызанамі. У ноч на 21 кастрычніка партызаны зноў атакавалі праціўніка. Бой працягваўся ўвесь наступны дзень. Да гітлераўцаў з г.Сянно падышло падмацаванне. У партызан скончыліся боепрыпасы, і яны пад прыкрыццем дымавой заслоны адышлі, страціўшы ў гэтым баі 7 чалавек забітымі.
Чашніцкі раён вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў войскамі 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў у ходзе Віцебска-Аршанскай наступальнай аперацыі 1944 г.Чашнікі вызвалены 27 чэрвеня 1944 г. воінамі 357-й стралковай дывізіі (камандзір генерал-маёр А.Г.Кудраўцаў) 1-га стралковага корпуса 43-й арміі пры ўзаемадзеянні з 9-й гвардзейскай механізаванай брыгадай 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса, Чашніцкай партызанскай брыгадай «Дубава» і 2-й партызанскай брыгадай імя Заслонава.
Сярод ураджэнцаў раёна Героі Савецкага Саюза Л.У.Буткевіч (31.12.1918, в.Хотліна, званне прысвоена 25.10.1943); І.М. Краснік (30.7.1906, в. Іванск, званне прысвоена 31.5.1945); Я.Г.Навіцкі (н.15.8.1912, в.Копцевічы, званне прысвоена 6.3.1945); С.Ф.Пшонны (н. 5.9.1922, в.Кушняроўка, званне прысвоена 24.3.1945); М.А.Сурын (17.5.1908, в.Руднае, званне прысвоена 24.7.1945), поўны кавалер ордэна Славы П.Р.Барадаўка (23.1.1908, в.Асташова), Дзямідаў В.А. (12.4.1921 у в.Чарэя,камандзір звяна асобнага разведвальнаго авіяпалка. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена ў 1945 г.).
У в.Чарэя 7 сакавіка 1918 г. нарадзіўся вядомы военачальнік Я.П.Іваноўскі. Герой Савецкага Саюза (1985). У Вялікую Айчынную вайну ўдельнічаў у баях пад Масквой, Сталінградам, Курскам, у вызваленні Украіны, Польшчы. З 1968 г. камандуючы войскамі Маскоўскай ваеннай акругі. У 1972-1980 гг. – галоўнакамандуючы групай савецкіх войск у ГДР. З 1980 г. камандуючы войскамі БВА, з 1985 г. – нам. міністра абароны СССР, з 1989г. ваенны інспектар-саветнік.
У кнізе «Памяць.Чашніцкі раён» названы прозвішчы 335 савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1941-44 гг. і пахаваны на тэрыторыі раёна; 3360 прозвішчаў воінаў-землякоў, якія загінулі на франтах вайны; 1046 прозвішчаў партызан, асоб, якія садзейнічалі партызанскаму руху, членаў іх сямей і мірных жыхароў – ахвяр фашысцкага тэрору.
А.Е. Агарак (справа), інструктар падпольнагна райкома партыі (фота злева)
Група партызан брыгады Дубава (фота справа)
НАЦИОНАЛЬНЫЙ АРХИВ Республики Беларусь