Славілі працу на зямлі
У мінулую суботу, не будзе перабольшваннем сказаць, усе шляхі-дарогі вялі ў Браслаў. Менавіта ў гэтым маляўнічым куточку Беларусі ладзіўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019», удзел у якім бралі дэлегацыі з усіх раёнаў Прыдзвінскага краю. Горад сустракаў гасцей у святочным убранстве, значна пахарашэўшымі і памаладзеўшымі пасля рамонту будынкамі і дарогамі, безліччу тэматычных пляцовак, гандлёвых кропак, што раскінуліся ўздоўж вуліц.
На галоўнай сцэне свята ў мястэчку «Ліснічоўка» старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанка зачытаў віншаванне ўдзельнікам і гасцям фестывалю-кірмашу ў Браславе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Удзячнасць кіраўніка дзяржавы ўсім, хто ўнёс уклад у тое, каб Віцебшчына сабрала каля мільёна тон хлеба, пажаданне не спыняцца на дасягнутым і руплівай працай мацаваць дабрабыт краіны.
Шматлікіх гасцей і жыхароў Браслава вітаў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта М. М. Шарснёў. Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што Браслаў сабраў залаты фонд аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны, лепшых працаўнікоў хлебнай нівы – спецыялістаў, кіраўнікоў. Свята – даніна павагі тым, хто працуе на зямлі. Хлеб – знак яднання людзей і веліч нялёгкай працы. Вынікі сялянскай працы ў кожным доме, у кожнай сям’і.
Хлебаробы Прыдзвін-скага краю ў нялёгкіх умовах сабралі 980 тысяч тон хлеба, што на трэць больш мінулагодняга, выканалі дзяржаўны заказ. Вобласць узяла курс на інтэнсіўнае земляробства. Улік кліматычных умоў, граматная работа кадраў, неабходная тэхнічная аснашчанасць тэхнікай і яе эфектыўнае выкарыстанне – у аснове поспеху.
Значную частку святочных мерапрыемстваў заняла цырымонія ўшанавання лепшых працаўнікоў, тых, хто зранку да позняга вечара шчыраваў дзеля будучага ўраджаю.
Узнагароды ўручалі М. М. Шарснёў, У. П. Андрэйчанка, іншыя ўдзельнікі мерапрыемства. Уладзімір Паўлавіч адзначыў, што Віцебская вобласць прайшла праверку на трываласць, ёй ёсць чым ганарыцца. Гэта добры вынік, і ўдзячнасць У. П. Андрэйчанкі за старанную працу кожнаму, хто забяспечыў каравай Прыдзвінскага краю.
І, канечне, нямала прыемных хвілін падаравалі прысутным выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, заслужанай артысткі Расіі Варвары.